Вітаем вас, “маладыя коласаўцы”!

27.10.2018

Мой родны кут, як ты мне мілы,

Забыць цябе не маю сілы!..

Я. Колас

  Гэтыя знакамітыя радкі нацыянальнага песняра Якуба Коласа вядомы кожнаму з нас. Яго імя займае значнае месца не толькі ў беларускай літаратуры, але і ў гісторыі нашай вёскі – вёскі Пінкавічы.

  3 лістапада адзначаецца 136-годдзе з дня нараджэння Канстанціна Міхайлавіча, таму невыпадкова, што напярэдадні такой знамянальнай даты наша школа расчыніла дзверы перад “маладымі коласаўцамі” – вучнямі Мікалаеўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Якуба Коласа.

  Трэба адзначыць, што Мікалаеўшчына – гэта вёска, у якой Якуб Колас атрымаў пачатковую адукацыю. Кожнай мясцінка ў гэтай вёсцы была знаёма будучаму паэту.

  Сустрэча з “маладымі коласаўцамі” пачалося са знаёмства гасцей з вёскай і яе асноўнымі славутасцямі. Вучні ІХ “Б” класа расказалі гісторыю ўзнікнення вёскі Пінкавічы, становішча вёскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, асноўныя хрысціянскія славутасці – Пакроўскую царкву і Крыж, а таксама гісторыю Пінкавіцкай сярэдняй школы, якая носіць імя пісьменніка.

  Займальнай для гасцей стала экскурсія па школе, якую правялі вучні ХІ класа. Паведамленне пра актыўнае школьнае жыццё навучэнцаў нікога не пакінула абыякавым.

  Працягнулася сустрэча за круглым сталом, дзе госці абмяняліся вопытам сваёй дзейнасці па вывучэнні творчасці Якуба Коласа. “Маладыя коласаўцы” чыталі ўласныя верша, апавядалі пра сваё падарожжы па мясцінах, звязаныя з жыццём і творчасцю Канстанціна Міхайлавіча, якія ім ўдалося здзейсніць.


  Кульмінацыяй сустрэчы стала знаёмства з радаводам аднаго з юных коласаўцаў, які наглядна прадэманстраваў, што з’яўляецца нашчадкам знакамітага Якуба Коласа, бо яго прабабуля з’яўлялася роднай сястрой пісьменніка. Варта адзначыць, што ўсе вучні Мікалаеўшчынскай школы, якія завіталі да нас у госці, маюць хоць і далёкія, а ўсё ж роднасныя сувязі з пісьменнікам.

  Гучныя размовы, прагляд фотаздымкаў і відэаролікаў, чытанне вершаў Я.Коласа і ўласных вершаў – у такім рытме адбылася сустрэча за кубкам гарбаты, якая праляцела імгненна. На памяць пра сустрэчу школы абмяняліся сувенірамі і падарункамі.

   Развітваючыся, “маладыя коласаўцы” запрасілі да сябе ў госці. Спадзяёмся, што ў хуткім часе мы таксама здзейснім падарожжа па сцяжынках Коласа.

Ю.А. Кравец, настаўнік беларускай мовы і літаратуры