Крочым па родным краі

15.10.2018

 “Радзіму нельга навучыць кахаць па падручніках, з ёй трэба сустрэцца!» Пад такім дэвізам вучні другіх класаў адправіліся ў падарожжа па вёсцы Пінкавічы.

 Першым прыпынкам у гэтым падарожжы быў “Народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа”. Вучняў сустрэла Ж.М.Верыч, якая загадала загадкі пра Пінкавічы, пра школу, пра Якуба Коласа.

 Дзеці ўпершыню пачулі слова “альтанка”. У альтанцы каля калодзежа прайшла дальнейшая размова.

  Далей сустрача прайшла ў пакоях музея. Вучні пазнаёміліся з асаблівасцямі побыту беларусаў. Даведаліся, што людзі выкарыстоўвалі ў сваёй паўсядзённай працы і чым штодзень карысталіся, з чаго складаўся інтэр’ер традыцыйнага жылля.


  Пазнаёміліся другакласнікі з жыццёвым і творчым шляхам Якуба Коласа, які некалькі гадоў свайго жыцця прысвяціў людзям-сялянам вёскі Пінкавічы, стараючыся не толькі навучыць іх грамаце, але і абараніць іх у цяжкія хвіліны.

  Другім прыпынкам у нашым падарожжы быў “Музей піянерскай славы” у ЦТДіМ. У час экскурсіі вучні даведаліся пра гісторыю піянерскага руху ў Пінскім раёне. За кароткі час другакласнікі здзейснілі падарожжа ў мінулыя дзесяцігоддзі, убачылі мінулае і дзень сённяшні, пазнаёміліся з сапраўднымі дакументамі, убачылі экспанаты, якія даюць наглядную інфармацыю аб працоўных і ратных подзвігах папярэдніх пакаленняў.

  Пашчасціла вучням падудзець у піянерскі горн, пабарабаніць у барабан піянера-барабаншчыка.

   Падарожжа па вёсцы аказалася пазнавальным, запамінальным і цікавым.

Грынько А.М.

класны кіраўнік ІІ “Б” класа