Роднае слова, родная мова, мова бацькоў і дзядоў…

24.02.2018

 Родная мова – душа народа. Пакуль жыве мова, жыве і народ. Беларуская мова, якую пранёс наш народ праз вякі, з’яўляецца найвялікшым нацыянальным скарбам.

 21 лютага ў нашай школе адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры прапанавалі вучням паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах, прысвечаных роднай мове, яе гісторыі і развіццю.

 Пачаўся дзень з акцыі “За родную мову, за матчыну мову…”,у ходзе якой вучням і настаўнікам было прапанавана напісаць на стэндзе якой яны бачаць беларускую мову, а таксама даць лексічнае значэнне беларускім словам, знойдзеным у маленькім куфэрачку. М.П.Дудко разам са сваімі вучнямі з дзясятага класа паспрабавалі надаць святочны настрой і заклікалі гаварыць на беларускай мове, каб адчуць мілагучнасць і прыгажосць роднай мовы.

 У сёмым класе была праведзена гульня “Моўны турнір”. Вучням прапанаваліся рознаўзроўневыя заданні па мове і літаратуры. Н.В.Лучыц вучыла дзяцей любіць роднае слова і адчуваць яго прыгажосць.

 Н.І.Петрашкевіч правяла з вучнямі конкурс на лепшага знаўцу роднай мовы. Вучням прапанавалася на працягу дня напісаць на спецыяльных бланках як мага больш слоў на беларускай мове і іх рускіх адпаведнікаў. Лепшымі знаўцамі беларускіх слоў аказаліся вучні шостых класаў.

 Ю.А.Кравец прапанавала вучням паўдзельнічаць у выставе малюнкаў, плакатаў і афіш пад назвай “Беларуская літаратура ў малюнках”.

 У актавай зале школы прайшоў конкурс чытальнікаў вершаў “Гучы, роднае слова”. Як прыемна адзначыць, што вучні любяць сваю беларускую мову і з вялікай асалодай і трэпетам у душы чытаюць вершы.

 У школьнай бібліятэцы А.М.Кібук была аформлена экспазіцыя “Магутнае слова, ты роднае слова”, прысвечаная гісторыі развіцця беларускай мовы, яе пачэсным месцы сярод моў свету.

 Дзень прайшоў на адным дыханні. І мы спадзяемся,што нашыя мерапрыемствы запалілі вялікі моўны агонь у дзіцячых маладых сэрцах.

Сто разоў шукай другой красы,

А тым больш, што свет даўно не вузкі,

Ды калі ты не бязродны сын,

Гавары са мной па-беларуску.

Дудко М.П.

настаўнік беларускай мовы і літаратуры