Фотарэпартаж з Цэнтра традыцыйнай культуры і быту “Спадчына”

29.12.2017

     Ура! Зімовыя канікулы! Мы зноў едзем ў Цэнтр традыцыйнай культуры і быту “Спадчына” ў вёсцы Мерчыцы.

   З самага першага моманту сустрэчы і да апошняй хвіліны развітання ўсіх нас – вучняў і настаўнікаў – захапілі і зацікавілі традыцыі і звычаі беларусаў, што былі прадстаўлены ў пакоях цэнтра. А самы бадзёры настрой нам задалі работнікі цэнтра, якія сустракалі нас на парозе ў народным убранні і з вясёлай народнай песняй.

     Пераходзячы з аднаго пакоя ў другі, мы бачылі розныя вырабы з лазы, гліны, з ільну, з дрэва. У кожным пакоі нам не толькі паказвалі, але і расказвалі пра традыцыйную культуру і быт сялян мінулага стагоддзя.

    А яшчэ нашы вучні з задавальненнем спрабавалі ткаць на самым сапраўдным ткацкім станку, з захапленнем слухалі паведамленні пра розныя ручнікі.

    У пакоі, дзе было прадстаўлена народнае адзенне, навучэнцы затрымаліся на значны час. Як было цікава спачатку апрануцца ў беларускае адзенне, а потым танцаваць “Кракавяк” і “Польку”! Работнікі цэнтра танцавалі, спявалі і нават навучылі нашых вучняў гуляць у “качаргу-вілы”.

     Не абышлося і без пачастункаў: гарачы чай і смачныя бліны!  

     Нам вельмі спадабалася. Вучні V “Б” і VІ “А”класаў былі задаволены экскурсіяй.

                                                  Класны кіраўнік VІ “А” класа Петрашкевіч Н. І.