Карысныя канікулы

09.01.2017

 Зімовыя канікулы – доўгачаканая пара кожнага вучня. Бо зімовыя канікулы з'яўляюцца другімі па працягласці, а значыць, у вучняў з'яўляецца шмат вольнага часу і магчымасць адпачыць перад новай “порцыяй граніту навукі”. Для кожнага школьніка яны маюць сваё значэнне: хтосьці прысвячае іх сустрэчам з сябрамі, камусьці дастаткова правядзення часу дома перад кампутарам або тэлевізарам, але навучэнцы нашай школы гэтыя канікулы правялі з карысцю.

 У рамках раённай прафілактычнай акцыі “Карысныя канікулы” у школе быў арганізаваны і праведзены шэраг мерапрыемстваў, што дазволіла разнастаіць вольны час рабят і зберагчы іх ад згубных уплываў.

 Кожны дзень канікул быў напоўнены карыснымі і цікавымі мерапрыемствамі, сярод якіх асабліва запомнілісябізнес-віктарына “Грошы – дрэнны гаспадар, ці добры слуга?”, гульня “Я граматны пешаход”, завочнае падарожжа “У гасцях у беларускага Дзеда Мароза”, гульнёвая праграма “Навагодні лабірынт”, конкурс малюнкаў “Зімовыя замалёўкі”, інтэлектуальная гульня “Шчаслівы выпадак”, лядовая дыскатэка “Стары Новы год!”, школьны турнір па інтэлектуальнай гульні "Што? Дзе? Калі? ". Вучні школы таксама здзейснілі экскурсію ў  Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту вёскі Мерчыцы.

 Пазнавальна для падлеткаў прайшлі сустрэчы з спецыялістам Цэнтра “Надзея” урачом Н.І. Забродскай на тэму “Любоў і сяброўства. Свабода палавых адносін” і сустрэча-гутарка з інспектарам ІСН Д.А. Антонаўскім “Прававая адказнасць непаўналетніх”.

 На працягу канікул дзеці з задавальненнем прымалі ўдзел у  спартыўна-гульнявых праграмах, наведвалі гурткі і спартыўныя секцыі.

 Завяршылі акцыю раённыя спаборніцтвы па чэрлідынгу, і такім папулярным відам спорту як шашкі і шахматы, міні-футбол і настольны тэніс.

 Бясспрэчна, канікулы самая прыемная частка школьнага жыцця, і трэба ўмець праводзіць іх з карысцю для сябе і свайго здароўя. У нас яны атрымаліся сапраўды карыснымі!