Майстар-клас прайшоў на «выдатна»!

26.10.2016

 26 кастрычніка на базе нашай школы прайшоў майстар-клас для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Пінскага раёна.

 Сваім вопытам з настаўнікамі-філолагамі ў гэты дзень падзялілася Данілішына Алена Уладзіміраўна – настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 18 г. Пінска.

 «Міжпрадметныя сувязі як сродак актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры» – так гучала тэма майстар-класа.

 На працягу сустрэчы Алена Уладзіміраўна не толькі дзялілася з калегамі вопытам па выкарыстанні такіх прыёмаў як «Палітра”, “Калаж”, “Аўтобусны прыпынак”, “Буклет» «Інтэлект-карты»“ і інш, але і расказала, як можна  абудзіць цікавасць да вывучэння  беларускай мовы і літаратуры праз сувязь з іншымі прадметамі школьнай праграмы.

 Запамінальнай сустрэчу зрабіла і тая рэч, што сёння яны сталі аб’ектамі майстар-класа – гэта значыць, змаглі самі паспрабаваць выканаць заданні, якія Алена Уладзіміраўна прапануе сваім вучням.

 Майстар-клас прайшоў на «выдатна». У канцы сустрэчы настаўнікі адзначылі, што абавязкова выкарыстаюць у сваёй дзейнасці прыёмы, якімі падзялілася Алена Уладзіміраўна, каб кожны ўрок быў па-свойму цікавым і запамінальным.