Паэзія любові і святла

20.11.2013

20 лістапада  раённая бібліятэка  імя Яўгеніі Янішчыц сустракала гасцей,бо там адбылася ўрачыстая літаратурная вечарына, прысвечаная 65 - й гадавіне з дня нараджэння “палескай ластаўкі” Яўгеніі Янішчыц.

Сустрэча была адкрыта ансамблем інструментальнай музыкі з кампазіцыяй “Парэчча - парк”. У гэты дзень удзельнікі мерапрыемства інсцэніравалі ўрыўкі з паэм Яўгеніі Янішчыц, чыталі вершы паэткі, а таксама і свае ўласныя, якія прысвячалі ёй –  “ясяльдзянцы”.

На свяце прагучала шмат прыгожых слоў у адрас знакамітай паэткі ад заслужанага дзеяча культуры РБ Дзям’яна Рыгоравіча Лемяшэўскага, рэдактара газеты “Палеская праўда” Віялеты Мікалаеўны Падлужнай, паэтаў Піншчыны,  аднакурсніцы  Тамары Пятроўны Аўсяннікавай, якая прыехала з горада Магілёва.

На сустрэчу прыехала і пляменніца паэткі – Ганчарык Таццяна Мікалаеўна, якая падзялілася з гасцямі сваімі пачуццямі, паведаміла цікавыя моманты біяграфіі паэткі.

Паэзія Яўгеніі Янішчыц карыстаецца заслужанай папулярнасцю не толькі ў літаратурным асяродку, але і ў самых шырокіх чытацкіх колах. Яна запаланяе чытача трывалымі маральна-этычнымі ўстоямі, магутнай духоўнай энергіяй, смуткам, трывогай, святлом. Для беларускай паэзіі яе адыход стаў незамянімай стратай… Але таленавітая паэзія “не знае тлёну”.