Тыдзень Маці ў пачатковых класах

19.10.2013

 

                      

З 14 па 19 кастрычніка  ў пачатковых класах нашай школы праходзіў ТЫДЗЕНЬ МАЦІ. Да яго доўга і старанна рыхтаваліся. Пачаткоўцы пад кіраўніцтвам настаўнікаў вучылі вершы, песні, прысвечаныя любым матулям, сваімі рукамі выраблялі для мам святочныя паштоўкі, сувеніры. У  святочны дзень 14 кастрычніка ва ўсіх класных памяшканнях пачатковых класаў былі аформлены фотавыставы, прысвечаныя Дню Маці. Тэматыка фотавыстаў – “Любая матуля”, а вось назвы даволі разнастайныя: “Калі мамы былі маленькімі…”, “Зорка па імені МАМА”, “Сямейны альбом”, “Матулечка родная мая” і г.д.

А якія цудоўныя насценныя газеты, прысвечаныя мамам і іх святу, ўпрыгожылі сцяну на другім паверсе калідора пачатковых класаў! Проста няма слоў! Тут і малюнкі, і фота, і аплікацыя, і квілінг, і фларыстыка… Прыцягвае ўвагу выстава партрэтаў самых родных, самых любых. Дзеці любяць маляваць. А калі яны малююць партрэт любай матулі, то ўкладваюць у гэты малюнак усю пяшчоту, усю любоў і натхненне, а некаторыя – і відавочны талент. Дастаткова паглядзець малюнкі дзяцей, каб упэўніцца ў гэтым.

Чым яшчэ здзівіць матуль? Усім, на што здатныя нашы таленавітыя і разнабакова развітыя дзеці. Вершы, песні, танцы, нават тэатральныя інсцэніроўкі – на ўсё згодны, каб даставіць радасць мамам. І вось – свята пачынаецца…

І не дарма стараліся, рэпетыравалі, хваляваліся! Мамы проста не могуць адарваць вачэй ад сцэны. І, канечне ж, кожная з іх лічыць, што менавіта яе дзіця самае таленавітае і артыстычнае. Прыемныя ўспаміны пра свята надоўга застануцца ў памяці і ў сямейных фотаальбомах…

Колькі клопатаў ляжыць на маміных плячах! Службовыя абавязкі, работа па дому, выхаванне дзяцей. Ды яшчэ трэба падумаць і аб сваім знешнім выглядзе… Сучасная мама павінна ўмець і паспяваць усё. Як не стаміцца ад такога рытму жыцця і навучыцца быць шчаслівай? Адказ на гэтыя і многія іншыя пытанні дапамагла знайсці канферэнцыя для мам “Роля маці ў выхаванні дзіцяці”, праведзеная педагогам-псіхолагам нашай школы С.Ф. Марынчык.

Усе запланаваныя    мерапрыемствы ТЫДНЯ МАЦІ ў пачатковых класах прайшлі цікава, эмацыянальна, хвалююча, запамінальна. Былі падведзены вынікі, узнагароджаны самыя актыўныя, ініцыятыўныя, творчыя ўдзельнікі. Але нам, педагогам, хацелася б, каб была дасягнута галоўная мэта – выхаванне пачуцця павагі да ЖАНЧЫНЫ-МАЦІ. Каб нашы навучэнцы зразумелі, што дастаўляць радасць маме, прыемна здзіўляць яе, гаварыць ёй ласкавыя словы, выказваць сваю ўдзячнасць патрэбна кожны дзень. Што жыццё матуль напоўнена клопатамі і турботамі, а дзеці заўсёды павінны дапамагаць мамам, клапаціцца аб іх. Каб не патрабавальна, а пяшчотна і з любоўю гучала з вуснаў нашых навучэнцаў самае дарагое, самае важнае ў свеце слова –   “ М А М А ”.