Конкурс “Мая мова, мая культура, я”

26.3.2013

Конкурс “Мая мова, мая культура, я”

Арганізатарам конкурса “Мая мова, мая культура, я” з’яўляецца філалагічны факультэт БГУ.

На конкурс прыйшло амаль 1500 работ, работ якасных, цікавых, сапраўды творчых. Пасля месяца чытання тэкстаў, прагляду прэзентацый, фотаздымкаў і відэаматэрыялаў, абмеркавання работ выкладчыкамі БГУ былі адзначаны лепшыя работы, сярод якіх і эсе вучня 11 “А” нашай школы Лалыкіна Сяргея, які адзначаны ў колькасці лепшых аўтараў эсэ “Я нарадзіўся тут”.

http://www.philology.bsu.by/ru/news/692-vyniki

Сяргей працаваў пад кіраўніцтвам свойго настаўніка Ятусевіча Сяргея Станіслававіча.

 

 

Я нарадзіўся тут

Вузенькі завулак, нічым не прыкметная сцяжынка, якая з патаемнай сілай цягне прайсціся па сабе, трошкі схіленыя ўбок веснічкі і хатка… Старэнькая, драўляная хатка, на якой дзе-нідзе віднеецца жоўтая фарба, што аджыла свой век. Непадалёку ад хаты стаіць калодзеж з крыштальна чыстай студзёнай вадой, якая маніць падысці і адчуць яе духмянасць у спякотны летні дзянёк. За плотам віднеюцца маладыя яблыні, пад якімі разаслалася, нібы вялікая мяккая коўдра, зялёная траўка. Добра тут і па-казачнаму прыгожа.

Менавіта гэты завулак, непрыкметныя сцежка і хатка для мяне самыя дарагія ў свеце, бо тут, на гэтай зямельцы, я правёў сваё дзяцінства. Тут я гарачымі дзянькамі ляжаў на траўцы ў засені дрэў, слухаў спевы птушак, стракатанне конікаў і марыў… Калі я стану дарослым?

Летуценні мае амаль заўсёды перабівала любая бабуля, якая частавала мяне пірагамі і бабкай. Але смачнейшым за ўсё быў белы хлеб, пасыпаны цукрам. Узяўшы лусту хлеба з цукрам, па знаёмай сцяжынцы шыбаваў да возера Упадзінка, што знаходзіцца амаль за вёскай. Мусіць, назвалі возера так за тое, што з адлегласці каля пяцідзесяці метраў яго зусім не было бачна.

А я люблю Упадзінку за яго непаўторна лёгкі вобраз. Прыгожа на возеры ў любую пару года. Зімою вецер замятае снегам берагі, утвараючы казачныя сумёты-палацы. Летам у люстэрка вады ўглядаюцца кучаравыя лозы і высокія прыгожыя вольхі, што растуць на беразе. А як прыемна пасядзець з вудамі ля возера летнім ранкам, сустрэць усход сонца, паслухаць прывітальную песню жаўрука!..

Яскрава мне запомніўся той дзень, калі пасля абеду ўцёк на возера вудзіць плотак. Там прабыў да позняга вечара, пакуль мая бабуля пякучаю крапівою не паказала мне дарогу дадому. З той пары, пачуўшы, што гоняць кароў з пашы, я хуценька збіраў вуды і бег дахаты.

Непадалёку ад вёскі стаяў лес. Калі я быў маленькі, мне здавалася, што ён чароўны. З незразумелым душэўным хваляваннем я ўваходзіў у яшчэ сонны лес, міжволі запавольваючы крокі. Я любіў бываць тут, дзе мне добра думалася. Здавалася, што кожнае дрэўца і кожны кусцік мелі сваю мову. Менавіта ў гэтым лесе я разам з бабуляю збіраў грыбы, чарніцы. А ў знак падзякі пакідаў мясцовым жыхарам ласунак – акрайчык свайго любімага хлеба.

Прайшоў той час… Але так хочацца зноў быць маленькім хлопчыкам, зноў бачыць тую хатку, веснічкі і, вядома, бабульку. Родную бабульку, якой ужо, на жаль, няма. Добра памятаю яе словы. Мая бабуля гаварыла, што зямля, на якой ты вырас, надае сілы і мужнасць, і ні ў якім разе нельга дрэнна адносіцца да яе. Нават на пустыннай зямлі можа вырасці магутнае дрэва, калі ты з пяшчотаю і шчырасцю сардэчнай будзеш адносіцца да яе.

Зараз я жыву ў іншай вёсцы. З задавальненнем дапамагаю бацькам па гаспадарцы. А больш за ўсё люблю працаваць з зямлёю. У мяне ёсць невялікі садочак (вельмі падобны на той, што быў у бабулі), які я пасадзіў сваімі рукамі. Яшчэ некалькі год – і можна будзе паляжаць пад галінкамі дрэў на духмянай мяккай траўцы. І зноў марыць… Але, на жаль, мае летуценні не пераб’е бабуля і не зробіць мой любімы ласунак: белы хлеб з цукрам.

Маё дзяцінства заўсёды жыве ў сэрцы, а яго “частачка” схавана ў маім пакоі ў драўлянай скрыначцы: калі мы ад’язджалі з бабулінай хаты, я набраў туды зямлі. Калі становіцца сумна або дрэнна на душы, я адкрываю гэтую скрыначку і ўспамінаю бабуліны словы. І я веру, што менавіта зямля, якая напоўнена ўспамінамі аб маім дзяцінстве і любай бабулі, надае мне сілы і мужнасць у цяжкія хвіліны.

Лалыкін Сяргей Валерыевіч, вучань 11 “А” класа