“Свята млынароў – свята хлеба новага ўраджаю”

28.10.2018

У нашых сэрцах — ні хмурынкі,

Хоць восень пачынае шлях:

Святкуе Беларусь дажынкі,

Дзень слаўны ў кветках, у вянках.

Паўлюк Прануза

 

  Дажынкі – старажытнае народнае свята ў беларусаў, звязанае з апошнімі момантамі жніва. Суправаджалася народнымі абрадамі, танцамі, песнямі, чым былі ўдзячныя «духам нівы» за хлеб і заадно прасілі даць урадлівасць і налета.

  Дажаўшы жыта, пасля абраду «завівання барады» (закручвалі пук і пакідалі яго) «для птушак» жнеі прыхарошвалі сноп кветкамі, плялі вянкі з каласоў і з песнямі ішлі ў вёску. Прыйшоўшы, аддавалі сноп гаспадарам, за што мелі смачны пачастунак ці падарункі.

 Дажынкам было прысвечана шмат дажынкавых песень, якія спявалі напрыканцы жніва, вяртаючыся з поля ў вёску і на застоллі. Яны былі значна весялейшыя за жніўныя песні, бо ў апошніх спявалася пра нялёгкую працу і долю жней і іх дзяцей.

  У наш час дажынкі адзначаюць як свята млынароў 27 кастрычніка. У гэты дзень у Беларусі шануецца Марцін – заступнік млынароў. Даўней у дзень святога Марціна усе млыны спынялі сваю работу і мельнікі адзначалі свята.

  У нашай школе у гэты дзень вучні 7-ых класаў правялі школьнае свята “Дажынкі – свята хлеба новага ўраджаю”. Гэта было сапраўднае вяселле, якое суправаджалася танцамі, песнямі, цікавымі беларускімі гульнямі. Таксама на свяце гучала шмат прыказак, прымавак і вершаў пра хлеб, садавіны, гародніну і традыцыйныя стравы беларусаў. Вядучымі свята былі дзяўчынка Марыйка і хлопчык Мікітка.

  Акрамя таго вучні, разам з бацькамі падрыхтавалі выставу “Дары восені”.

  А на прыканцы вяселля дзяцей і гасцей чакаў падарунак – сапраўдны смачны і духмяны каравай, які прыгатавала Пуковіч Таццяна разам са сваёй матуляй.

Класны кіраўнік VII“Б” класа,

С.І.Кандзярэшка