07.05.2016
Маладосць, апаленая вайной, або Паклон табе, наш ветэран!

Трымаю ў руках букецік цюльпанаў. У гэтую пару яны асабліва прыгожыя і незвычайныя. Настрой узнёслы і крыху хвалюючы, бо на календары 9 Мая. Чакаю сяброў. Сёння мы разам ідзём у госці… У госці да таго, каму абавязаны чыстым блакітным небам, яснай сонечнай раніцай… Абавязаны яму – Салдату Перамогі…

9 Мая – дзень па-сапраўднаму Вялікай Перамогі, якую ў гэтым годзе беларускі народ святкаваў ў 71-ы раз.

У нашай школе ўжо стала добрай традыцыяй рыхтавацца да свята Перамогі значна раней. У школе распрацаваны і зацверджаны план мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай памятнай даце.

Выдатна, што мы не забываем пра тыя жудасныя падзеі, што глядзім пра вайну фільмы. Але самымі дарагімі звесткамі з’яўляюцца ўспаміны людзей, якім прыйшлося пазнаёміцца з вайной не па фільмах і кнігах, успаміны нашых ветэранаў.

На жаль, у нашай вёсцы іх засталося няшмат. Аднак мы ведаем, што ім патрэбна не толькі наша дапамога, але і ўвага. Вось і ў гэтым годзе мы заходзім ў госці да аднаго з іх.

Слёзы радасці на вачах сівога дзядулі: “Не забылі… Прыйшлі…” А потым… А потым аповеды пра франтавую маладосць, пра франтавых сяброў, пра жыццё, на першы погляд звычайнае, але апаленае вайной…

Трымаем у руках узнагароды – самае каштоўнае, што засталося з тых часоў… Слухаем уважліва ветэрана і не стрымліваем слёзы… Колькі выпрабаванняў выпала на долю гэтага, тады яшчэ маладога юнака… Цяжка нават ўявіць…

 Але ён усміхаецца. А ведаеце чаму? Таму што мы, нашчадкі, не забываем пра подзвігі тых, хто здабываў для нас Перамогу, пра кожнага з тых, хто гэтай Перамогі не дачакаўся…

Вайна скончылася, але і да гэтага часу пякучым болем адгукаецца рэха вайны. І таму я хачу звярнуцца да маладога пакалення: каб не паўтарылася гэтая страшэнная вайна, каб не скалыхнулася зямля ад бомбаў і снарадаў, памятайце, якім чынам нам здабылі Перамогу!

…Нясмела адчыняем  калітку. Ён ужо працірае свае ўзнагороды і чакае нас… А мы, поўныя захаплення, чакаем зноў аповед… Аповед яго – Салдата Перамогі…