"Радавод"

06.01.2016

 

 «Радавод»

 

Беларускі фальклор - душа беларускай культуры. Творы народнага фальклору бясцэнны. Яны павучальныя чысцінёй і непасрэднасцю. Яны – жывая ілюстрацыя гісторыі. Цяжка знайсці вёску на Піншчыне, дзе б не адзначаўся які-небудзь мясцовы абрад ці не спяваліся песні на дыялекце продкаў. Таму з мэтай падтрымкі і захавання багатай самабытнай культуры Піншчыны, папулярызацыі яе сярод дзяцей і моладзі 5 студзеня на базе РЦТДзіМ прайшоў адборачны раённы этап абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва "Радавод». Дадзены фестываль – гэта спроба сабраць унікальныя жамчужыны культуры Палесся разам, каб старажытнае мастацтва зайграла ўсімі фарбамі.

У фестывалі прынялі ўдзел 14 устаноў адукацыі раёна, якія захоўваюць і прапагандуюць фальклорныя традыцыі сваёй мясцовасці. Удзельнікі фестывалю пазнаёмілі гледачоў з лепшымі ўзорамі народнага фальклору, характэрнага для сваёй вёскі. Кожны калектыў праз свае песні, танцы, гульні здолеў раскрыць самабытную культуру нашых дзядуль і бабуль. Самадзейныя артысты ўпэўнена трымаліся на сцэне, паказалі выдатнае танцавальнае і вакальнае майстэрства. Гэта, з аднаго боку, тлумачылася вялікай цікавасцю да мясцовага фальклору, з другога–сур'ёзнайпадрыхтоўкай да конкурсу на месцах.

Канкурсантаў ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі загадчык сектара паахове дзяцінства аддела адукацыі спорту і турызму Пінскага райвыканкама Іна Міхайлаўна Ліра, метадыст РААСіТ Наталля Валер’еўна Рэбкавец, мастацкі кіраўнік фальклорнага ансамбля “Крыніцы” Пінкавіцкага СДК Ігар Паўлавіч Нехайба, метадыст раённага ЦТДзіМ Галіна Уладзіміраўна Мажоркіна, педагог дадатковай адукацыі раённага ЦТДзіМ Эмілія Аляксееўна Пяцёрка.

Вядома, кожнае спаборніцтва ці конкурс выяўляе лепшых, таленавітых удзельнікаў. Таму вынікі фестывалю размеркаваліся наступным чынам:

у намінацыі “Танцавальныя калектывы” лепшымі былі выхаванцы фальклорнага гуртка “Вяснушкі” РЦТДзіМ, які працуе на базе Малоткавіцкай СШ;

у намінацыі «Абрадавыя і неабрадавыя песні» журы высока ацаніла вакальнае майстэрства прадстаўніцы Пінкавіцкай школы Тарасюк Валерыі;

у намінацыі “Самабытныя мясцовыя дзіцячыя абрадавыя і неабрадавыя  гульні, лічылкі, казкі, забавы” не было роўных прадстаўнікам Бабрыкоўскай і Кончыцкай школ;

у намінацыі “Карагоды каляндарнага цыклу” перамаглі прадстаўнікі Стытычаўскай школы, якія прадэманстравалі мясцовы абрад “Жніво”;

у намінацыі “Тэатр-дэманстрацыя аўтэнтычнага мясцовага касцюма і рэканструкцыя касцюма позняга перыяду сваёй вёскі» выразна і дакладна прадставілі касцюмы сваёй мясцовасці  Пінкавіцкая і Хойнаўская школы.

Пераможцы раённага этапа  будуць прадстаўляць Пінскі раён у IV занальным туры абласнога фестывалю «Радавод». Пажадаем усім нам поспехаў!

Фальклор – неад'емная частка нашага жыцця. На раённым фестывалі «Радавод» мы ў гэтым пераканаліся яшчэ раз. І калі на месцах працуюць такія самабытныя творчыя калектывы і таленавітыя педагогі, значыць, народныя звычаі і традыцыі будуць жыць!