Люблю цябе, зямлі бацькоўскай слова!

20.02.2021

Пад такой назвай  на працягу тыдня (з15.02. па 20.02.2021) у ДУА “Пінкавіцкая сярэдняя школа імя Якуба Коласа” Пінскага раёна праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ставілі перад сабой асноўныя мэты дадзенага мерапрыемства: павышаць цікавасць да прадмета,  выхоўваць у навучэнцаў павагу да роднай мовы, да роднага слова, развіваць вуснае маўленне, уменні выказваць свае думкі.

Тыдзень беларускай мовы пачаўся з лінейкі, прысвечанай адкрыццю  мерапрыемстваў па мове і літаратуры “З любоўю да роднага слова”. У ходзе лінейкі вучні пазнаёміліся з праграмай-анонсам  на ўвесь тыдзень.

У мерапрыемствах тыдня беларускай мовы і літаратуры прынялі ўдзел настаўнікі школы, якія выкладаюць беларускую мову і літаратуру. Кожнае праведзенае мерапрыемства было разлічана на вучняў адной паралелі ці на вучняў розных класаў.

На працягу тыдня былі праведзены мерапрыемствы рознага характару: гульня “Ты – мне, я – табе”(Дудко М.П.), прэзентацыя “Люба Тарасюк.  Жыццё і творчасць”(Петрашкевіч Н.І.), конкурс малюнкаў да твораў беларускіх пісьменнікаў, выпуск газет, прысвечаных жыццю і творчасці знакамітых беларускіх пісьменнікаў; літаратурная гасцёўня “Мелодыю мовы заўсёды я чую…”(Дудко М.П.),  КВЗ “Знаўцы роднай мовы” ”(Дудко М.П.), прэзентацыя “Якія бываюць словы…”(Петрашкевіч Н.І.),гульня “Баль у каралевы Фанетыкі”(Петрашкевіч Н.І.), пазакласнае мерапрыемства “Нам засталася спадчына” (Лучыц Н.В.), цікава прайшло падарожжа па краіне “Беларуская мова” (Лучыц Н.В.) і завочнае падарожжа па гарадах, дзе праходзілі Дні беларускага пісьменства “Праз смугу стагоддзяў дайшло да нас слова…” (Петрашкевіч Н.І.) і інш.

Традыцыяй менавіта ў гэты час стала правядзенне рэспубліканскага конкурсу “Буслік-2021”. У гэтым годзе ў конкурсе прынялі ўдзел 37 навучэнцаў нашай школы.

З вялікай асалодай нашы навучэнцы на працягу тыдня ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах, пазнавалі новае, вучыліся берагчы даўно набытае. Няхай жыве беларуская мова!

Петрашкевіч Наталля Іванаўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры